«Асадзі назад!» Дрэнна маё жыцце, Ўсё ідзе не ў лад, I крычаць мне ўсюды: «Асадзі назад!» Божа ты мой мілы! Б'юся я, як гад, Толькі ж дзе ні ткнуся — «Асадзі назад!» Помню, я жаніўся, Добры быў мой сват. К дзеўцы нос паткнулі — «Асадзі назад!» Дзеўка была важна, Ды сусед Кандрат Мне нагу падставіў — «Асадзі назад!» Трапіў раз у горад, Быў якраз парад, Лезу я наперад — «Асадзі назад!» У засеках пуста, Жыта выбіў град. — Дай, старшынька, ссуды. — «Асадзі назад!» Я з капейкі збіўся, Зарабіць я рад. — Ці няма работы? — «Асадзі назад!» Сам я растрапаўся, Лезе з плеч халат. — Памажэце, людзі! — «Асадзі назад!» Сына свайго ў людзі Вывеў бы Ігнат. — Вось мой сын, паночкі! — «Асадзі назад!» Хлеб прыслалі ў вёску, Там галодных шмат. Пруся я з мяшэчкам — «Асадзі назад!» Галаву я маю: Быў бы дэпутат. — Цэнзу ты не маеш, «Асадзі назад!» Праўда, што таіцца, Быў і мой чарод; Два разы на жыцці Выйшаў я ўпярод. Ўзбунтаваў я вёску. Ой, быў цяжкі год! Прыязджае прыстаў: — Выхадзі ўпярод! Гэта ты, мярзавец, Ўзбунтаваў народ? Гэй, гарадавыя, Даць яму ўпярод!

Теги других блогов: поэзия литература классика